Культура > Творчество

944

Літаратурнае жыцце Рэчыцкага раёна. Убачыла свет новая кніга пра Васілевічы

 +

Убачыла свет кніга Валянціны Аляксандраўны Сяргеевай «Васілевічы. Гісторыя мястэчка, якое так і не стала горадам». Дзе б ты ні быў пасля гэтай падзеі: у бальніцы, магазіне, банку, на пошце, усе размовы толькі пра кнігу і яе аўтара. Гарадок наш невялікі, таму ўсе адзін аднаго добра ведаюць, і, канешне, Валянціна Сяргеева цяпер самая цікавая і папулярная асоба. Усім хацелася як мага хутчэй убачыць на свае вочы, патрымаць у руках і, вядома, прачытаць кнігу. Гэта навукова-папулярнае выданне, кніга-споведзь, кніга-помнік, кніга-энцыклапедыя, кніга-біяграфія нашых Васілевіч.

Валянціна Сяргеева
Валянціна Сяргеева

Зусім хутка з'явілася доўгачаканая аб'ява, што ў гарадскім Доме культуры адбудзецца прэзентацыя кнігі.

Настаў гэты асаблівы дзень. Людскі натоўп ідзе ў мясцовы храм культуры. Тут пануе ўрачыстая, святочная атмасфера: гучыць музыка, прыгожа аформлена зала, па сцэне – кветкі васількі, на століках – буклеты з біяграфічнымі звесткамі пра аўтара: мясцовага самародка, вялікага краязнаўца-аматара, гісторыка з вялікай літары, сапраўднай захавальніцы скарбаў нашай васілевіцкай зямлі, чалавека з унікальнай энцыклапедычнай памяццю, жывую легенду нашага горада В. Сяргееву.

Зараз падрабязней пра асобу аўтара. Нарадзілася Валянціна Аляксандраўна Сяргеева ў 1944 годзе ў Ленінградзе ў сям'і ваеннаслужачага. У 1949 годзе сям'я пераехала ў Талін. У 1963 годзе Валянціна скончыла гістарычны факультэт Пскоўскага педінстытута. Пасля вучобы сем гадоў адпрацавала ў Вышамірскай школе. З 1977 года была настаўнікам гісторыі, арганізатарам у Васілевіцкай СШ. З 1994 года – на пенсіі. У час работы і знаходзячыся на пенсіі, шмат увагі ўдзяляла і ўдзяляе краязнаўчай рабоце. Дзякуючы ёй было створана два школьных музея: «Васілевічы ў гады Вялікай Айчыннай вайны» і «Музей гісторыі школы». Па выніках краязнаўчай работы выступала на чатырох міжнародных канферэнцыях. Мае публікацыі: «У глыбокім тыле фашыстаў. З гісторыі Васілевіцкага патрыятычнага падполля ў час Вялікай Айчыннай вайны» (кніга «Памяць. Рэчыцкі раён»), «Прататыпы герояў ваеннай трылогіі І. Я. Навуменкі», «Народная адукацыя ў Васілевічах у першыя гады Савецкай улады (1917–1930 гг.)», «З вопыту работы школьнага музея», «Гісторыя захаранення ва ўрочышчы «Рубанікі».

Апошнія дзесяць гадоў Валянціна Аляксандраўна прысвяціла вяртанню з небыцця імён падпольшчыкаў, партызан, мірных жыхароў, растраляных ва ўрочышчы Рубанікі. Вернутыя з небыцця больш за 90 прозвішчаў.

Яе праца высока ацэнена. Валянціна Сяргеева ўзнагароджана Ганаровай граматай Міжнароднага фонду «Перамога-1945», ганаровымі граматамі Гомельскага абласнога савета ветэранаў і Рэчыцкага раённага выканаўчага камітэта. У 2014 годзе ўзнагароджана юбілейным медалём «70 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». У цяперашні час з'яўляецца старшынёй Васілевіцкага гарадскога савета ветэранаў, арганізатарам і кіраўніком клуба пенсіянераў «Жывіца» пры Васілевіцкай гарадской бібліятэцы імя І. Я. Навуменкі.

І вось прэзентацыя, якая пачынаецца з песні «Радзіма» ў выкананні самадзейнай артысткі Н. Прахарэнка. У зале пануюць напружаная цішыня, вялікая зацікаўленасць, усіх хвалюе, што ж адбудзецца далей. Загадчыца Васілевіцкага ДК С. Русецкая шчыра вітае землякоў, абвяшчае, что сёння незабыўны і памятны дзень, бо такая падзея ў нашым горадзе ўпершыню. Яе словы гучаць вельмі пранікнёна. Не кожны населены пункт нашай краіны можа пахваліцца тым, што яму прысвечана кніга. А мы можам! Раздаюцца бурныя, працяглыя апладысменты.

З цёплымі словамі падзякі, гонарам за нашых землякоў, вялікай удзячнасцю да аўтара кнігі за яе вялікі энтузіязм і самаадданую працу звярнулася старшыня Васілевіцкага гарадскога Савета дэпутатаў Н. Брэль.

Потым слова ўзяла гераіня дня, нястомная працаўніца, чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, унікальны жыхар нашага горада Валянціна Сяргеева. У сваёй прадмове яна шчыра дзякавала ўсім, хто праявіў цікавасць да яе працы, знайшоў час прыйсці на гэтую сустрэчу. Аўтар расказала, што кніга прысвечана жыхарам г. Васілевічы розных часоў і эпох. Валянціна Аляксандраўна адзначыла, што яна не першая, хто зацікавіўся гісторыяй г. Васілевічы. Былі шматлікія папярэднікі. Гэта І. Навуменка, чые творы аўтабіяграфічныя, А. Пінчук, у яго ёсць таксама аўтабіяграфічны раман «Белы бусел ляціць», В. Галоўка – раман «А жыццё было цікавым».

Да празаічных твораў можна дабавіць паэзію. Гэта верш У. Верамейчыка «Васілевічы», які па праву можна лічыць гімнам нашаму гораду. Верш Н. Захаранкі «Васілевічы мае…». Вельмі задушэўныя, лірічныя вершы Н. Нікіцінай, прысвечаныя малой радзіме.

У сваёй рабоце над кнігай аўтар абапіралася на дакументальны матэрыял «На шляху княгіні Вольгі», узяла факты з гісторыі Васілевіч нашага земляка Х. Белькіна «Яўрэі ў Васілевічах». Вялікую дапамогу ў напісанні кнігі аказалі краязнаўчыя матэрыялы Ю. Жураўскага «Пачатак Рубанік», «Цікавыя людзі Васілевіч». Сапраўдным скарбам аказаліся дакументальныя матэрыялы па дывізіях, што вызвалялі Васілевічы, сабраныя В. Сулімскім, частка гэтых матэрыялаў легла ў аснову стварэння музея Вялікай Айчыннай вайны. Тады яшчэ маладзенькая піянерважатая Н. Гарай вяла перапіску з сем'ямі загінуўшых. Гэта дапамагло адрадзіць невядомыя прозвішчы. Шмат матэрыялаў Н. Брэль было пра камсамольскае падполле. Н. Венская, Н. Пасюта правялі тытанічную працу, каб узнавіць слаўныя старонкі гісторыі нашага горада.

Таму, адзначае Валянціна Аляксандраўна, пачынала яна не на пустым месцы. Праца ахоплівае гістрыю Васілевіч са старажытных часоў да нашых дзён. Пры напісанні кнігі аўтар абапіралася ў асноўным на дакументы, шмат часу працавала ў архівах. Знайшла сапраўдную «залатую жылу» ў Мазырскім занальным архіве, дзе захаваліся дакументы па Васілевічах 1917–1990 гадоў. Значна папоўніла матэрыял па нашаму гораду, працуючы ў Рэчыцкім раённым архіве.

Доўгі час не было магчымасці надрукаваць кнігу, і Валянціна Аляксандраўна вырашыла перадаваць накопленую багатую інфармацыю старым правераным метадам – з вуснаў у вусны. З 2010 года ў горадзе прайшло семь дзён Памяці. Вайна… І праз 75 гадоў яна не забываецца, у памяці людской застаецца навечна. Хіба можна забыць, якой цаной здабыта Вялікая Перамога? Былі праведзены два юбілеі гарадской бальніцы, гарадское свята, прысвечанае 150-годдзю народнай адукацыі.

Васілевічы маюць багатую гісторыю, але самае вялікае багацце – гэта людзі. Колькі таленавітых, знакамітых людзей нарадзіла Васілевіцкая зямля! Пра гэта можна гаварыць бясконца. Пра ўсё гэта вы даведаецеся, калі пазнаёміціся з кнігай. У ёй прадстаўлены фотаздымкі знакамітых ураджэнцаў горада, асабісты архіў аўтара.

На прэзентацыю кнігі прыйшлі не толькі жыхары Васілевіч, але прыехалі госці з Рэчыцы, Гомеля. Гэта кніга згуртавала людзей, узняла самаацэнку, гонар за свой родны кут. Васілеўцы ёсць усюды: ва ўсіх былых рэспубліках Савецкага Саюза, ва ўсіх частках свету, акрамя Антарктыды. Мы пусцілі карані па ўсяму зямному шару – мы бессмяротныя. Гэта маленькая кніга стала тым мастком, што злучае мінулае і сучаснае агромністай магутнай ракі, якая называецца Жыццё. Пакуль жывем мы, жыве наш горад, а наколькі цікавае ў нас жыццё, залежыць толькі ад нас з вамі, бо ўсе мы цікавыя, непаўторныя людзі.

Вельмі хутка праляцелі паўтары гадзіны. Гучыць песня «Землякі» ў выкананні С. Русецкай. Закончана прэзентацыя, але людзі не спяшаюцца разыходзіцца, нешта ўзнёсла абмяркоўваюць, на вачах многіх слёзы радасці, гонару за свой горад, сваіх продкаў. Шаноўная Валянціна Аляксандраўна, Вы зрабілі вялікую справу, і сёння яе цяжка ацаніць. Гэта помнік усім, хто жыў і працаваў, марыў, будаваў, абараняў, любіў гэтую дарагую, палітую крывёю і слязамі Зямлю.

У фае ДК выстраілася чарга, бо кожны прысутны хацеў набыць кнігу, атрымаць аўтограф з пажаданнямі ад самога аўтара. Ад імя ўсіх прысутных хочацца шчыра падзякаваць Валянціне Аляксандраўне і павіншаваць з новай вяршыняй, пажадаць поспехаў, плёну. Упэўнена, гэта кніга не апошняя.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity